МІГА́ЛЬНЫ ЭПІТЭ́ЛІЙ, раснічасты эпітэлій,

эпітэліяльная тканка ў жывёл і чалавека, клеткі якой маюць рухомыя раснічкі (дыферэнцыраваныя вырасты пратаплазмы). Высцілае паветраносныя шляхі, канал спіннога і жалудачкі галаўнога мозга, матачныя трубы, ч. мочапалавога тракту і інш. ў большасці шматклетачных жывёл і чалавека. Адна мігальная клетка мае да 500 раснічак, на іх знаходзяцца рэцэптары для гістаміну, глюкакартыкоідаў, цытакінаў і інш., частата калыханняў рэгулюецца адрэнарэцэптарамі і халінарэцэптарамі. Сінхронны рух раснічак утварае на паверхні эпітэліяльнага пласта хвалі і спрыяе перамяшчэнню вадкага асяроддзя са шчыльнымі часцінкамі ў ім (напр., вывядзенне пылавых часцінак з паветраносных шляхоў, перамяшчэнне яйцаклеткі ў некат. аддзелах палавой сістэмы).

А.С.Леанцюк.

т. 10, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)